Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/35

Гэта старонка не была вычытаная

І калі, нарэшце, я вяртаюся да сябе ў габінэт, твар мой усё яшчэ ўсьміхаецца, напэўна, па інэрцыі[1].

Крыху пачакаўшы, другі званок. Хтосьці ўваходзіць у пярэдні пакой, доўга распранаецца і кашляе. Ягор дакладвае, што прышоў студэнт. Я кажу: прасі. Праз хвіліну ўваходзіць да мяне малады чалавек прыемнага выгляду. От ужо год, як у нас з ім благія дачыненьні. Ён пагана адказвае мне на экзаменах, а я стаўлю яму адзінкі. Такіх малайцоў, каго я, кажучы па-студэнцку, ганяю і правальваю, у мяне штогодна зьбіраецца чалавек сем. Тыя з іх, што ня вытрымліваюць экзамену па няздольнасьці або па хваробе, звычайна нясуць свой крыж цярпліва і ня сьпіраюцца са мной; сьпіраюцца-ж і ходзяць да мяне дадому адно сангвінікі[2], шырокія натуры, каму цеганіна на экзаменах псуе апетыт і перашкаджае акуратна наведваць опэру. Першым я патураю, а другіх я ганяю па ўсім годзе.

— Сядайце, — кажу я госьцю. — Што скажаце?

— Прабачце, профэсар, за турботы… — пачынае заікаючыся і ня гледзячы мне ў твар. — Я-б не адважыўся турбаваць вас, калі-б ня… Я трымаў у вас экзамен ужо пяць разоў і… і зразаўся. Прашу вас, будзьце ласкавы, пастаўце мне здавальняюча, так што…

  1. Інэрцыя — закон, паводле якога цела рухаецца і тады, калі ўжо адпала прычына яго руху.
  2. Сангвінік — жвавы жыцьцярадасны чалавек.