Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/36

Гэта старонка не была вычытаная

Аргумент[1], што ўсе абібокі прыводзяць у сваю карысьць, заўсёды адзін і той самы: яны надзвычайна добра вытрымалі па ўсіх прадметах і зрэзаліся ўсяго на маім, і гэта яшчэ больш зьдзіўляе, што на маім прадмеце яны займаліся вельмі старанна і ведаюць яго надзвычайна; зрэзаліся-ж яны праз нейкае непаразуменьне.

— Прабачце, мой дружа, — кажу я гасьцю, — паставіць вам здавальняюча я не магу. Ідзеце яшчэ пачытайце лекцыі і прыходзьце. Тады пабачым.

Пауза. У мяне зьяўляецца ахвота трохі памучыць студэнта за тое, што піва і опэру ён любіць больш за навуку, і я кажу, уздыхаючы:

— Па-мойму, самае лепшае, што вы можаце цяпер зрабіць, гэта — зусім кінуць мэдыцынскі факультэт. Калі з вашымі здольнасьцямі вам ніяк не ўдаецца вытрымаць экзамену, дык, відавочна, у вас няма ні жаданьня, ні нахілу быць доктарам.

Твар сангвініка выцягваецца.

— Даруйце, профэсар, — усьміхаецца ён, — але гэта было-б з майго боку сама менш — дзіўна. Правучыцца пяць год і раптам… кінуць.

— Ну пэўне! Лепш патраціць дарма пяць год, як потым усё жыцьцё займацца тым, чаго ня любіш.

Але зараз-ж мне робіцца шкода яго, і я сьпяшаюся сказаць:

— Урэшце, як знаеце. Значыцца, пачытайце яшчэ крышку і прыходзьце.

  1. Аргумент — довад, доказ.