Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/44

Гэта старонка не была вычытаная

і дзіва няма, што праз тое актор сярэдняй велічыні карыстаецца ў дзяржаве куды большаю популярнасьцю, як самы лепшы вучоны або мастак. І ніякая публічная дзейнасьць ня можа даць гэткай асалоды і здавальненьня, як сцэнічная.

І неяк аднаго дня Кася паступіла ў трупу і паехала, здаецца, у Уфу, павёзшы з сабою шмат грошай, шмат вясёлкавых надзей і арыстократычныя погляды на справу.

Першыя лісты яе з дарогі былі дзіўныя. Я чытаў іх і проста дзівіўся, як гэта невялічкія кавалачкі паперы могуць зьмяшчаць у сабе столькі моладасьці, душэўнай чыстаты, сьвятой наіўнасьці і разам з тым тонкіх, сур’ёзных разважаньняў, што маглі-б зрабіць гонар добраму мужчынскаму розуму. Волгу, прыроду, гарады, што яна наведвала, таварышоў, свае посьпехі і няўдачы яна не апісвала, а апявала; кожны радок дыхаў даверлівасьцю, якую я прывык бачыць на яе абліччы — і да таго гібель граматычных памылак, а знакаў прыпынку амаль зусім ня было.

Не прайшло і паўгода, як я атрымаў надзвычайна поэтычны і ўзьнёслы ліст, што пачынаўся словамі: «Я паехала». Да гэтага лісту была дададзена фотографія, дзе быў малады мужчына з голеным тварам, у шырокаполым капялюшы і з плэдам, перакінутым цераз плячо. Наступныя лісты былі, як раней, надзвычайныя, але ўжо зьявіліся ў іх знакі прыпынку, зьніклі граматычныя памылкі і дужа запахла ад іх мужчынам. Кася пачала пісаць мне пра тое, што добра-б дзе--