Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/45

Гэта старонка не была вычытаная

небудзь на Волзе паставіць вялікі тэатр ня іначай, як суполкаю, і прывабіць да гэтага прадпрыемства багатае купецтва і ўласьнікаў параходаў; грошай было-б шмат, зборы вялікія, акторы працавалі-б на ўмовах таварыства. Можа яно ўсё гэта і сапраўды добра, але мне здаецца, што гэткія вымудры могуць выходзіць толькі з мужчынскай галавы.

Як-бы там ні было, паўтары–два гады, як відаць, усё было добра: Кася любіла, верыла ў сваю справу і была шчасьлівая; але ў лістох яе я пачаў заўважаць відавочныя адзнакі заняпаду. Пачалося з таго, што Кася паскардзілася мне на сваіх таварышоў — гэта першы і самы злавесны сымптом[1]; калі малады вучоны або літаратар пачынае сваю дзейнасьць з таго, што горка скардзіцца на вучоных або літаратараў, то гэта значыць, што ён ужо стаміўся і ня вартны да справы. Кася пісала мне, што яе таварышы не наведваюць рэпетыцый і ніколі ня ведаюць роляй; у пастаноўцы недарэчных п’ес і ў манеры трымаць сябе на сцэне відаць у кожнага з іх поўная непашана да публікі; а каб больш сабраць, пра што толькі і гавораць, драматычныя акторкі зьніжаюцца да сьпяваньня шансонэтак, а трагікі сьпяваюць куплеты, у якіх сьмяюцца з рагатых мужоў і з цяжарнасьці няверных жонак і г. д. Увогуле трэба дзівіцца, як гэта дагэтуль не загінула яшчэ провінцыяльная справа і як яна можа трымацца на гэтакай тонкай і гнілой жылачцы.

  1. Сымптомы — адзнака, паказьнік.