Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/46

Гэта старонка не была вычытаная

У адказ я паслаў Касі доўгі і, прызнацца, надта нудны ліст. Між іншым, я пісаў ёй: «Мне часта даводзіцца гаварыць з старымі акторамі, найшляхетнымі людзьмі, што надта добра ставіліся да мяне: з размоў з імі я мог зразумець, што іх дзейнасьцю кіруюць ня столькі іх уласны розум і воля, колькі мода і настрой грамадзтва; лепшым з іх даводзілася на сваім вяку ўдзельнічаць і ў трагедыі, і ў опэрэтцы, і ў парыскіх фарсах[1], і ў фэерыях[2], і заўсёды аднолькава ім здавалася, што яны ішлі простым шляхам і давалі карысьць. Значыць, як бачыш, прычыну благога трэба шукаць не ў акторах, а глыбей, у самым мастацтве і ў дачыненьні да яго ўсяго грамадзтва». Гэты мой ліст толькі ўразіў Касю. Яна мне адказала: «Мы з вамі сьпяваем з розных опэр. Я вам пісала не пра найшляхетных людзей, што надзвычайна добра выставіліся, а пра зграю прайдзісьветаў, што ня маюць нічога агульнага з шляхетнасьцю. Гэта табун дзікіх людзей. Яны трапілі на сцэну толькі таму, што іх ня прынялі-б нідзе ў іншым месцы, і яны завуць сябе артыстымі толькі таму, што нахабныя. Ніводнага таленту, але шмат няздатнасьці, п’яніц, інтрыганаў, плеткароў. Не магу вам выказаць, як горка мне, што мастацтва, якое я так люблю, трапіла ў рукі ненавідных мне людзей; горка, што лепшыя людзі бачаць благое толькі здалёку, ня хочуць пады-

  1. Фарс — лёгкая комэдыя, часта ня зусім прыстойнага зьместу.
  2. Фэерыя — сцэнічны твор; галоўную частку яго складае абстановачная частка і балет.