Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/48

Гэта старонка не была вычытаная

ўся мая спагадлівасьць да яе лёсу выражалася толькі тым, што я шмат думаў і пісаў даўгія, нудныя лісты, якіх я мог-бы зусім ня пісаць. Тады як я-ж быў ёй за роднага бацьку і любіў яе як дачку!

Цяпер Кася жыве за паўвярсты ад мяне. Яна наняла кватэру з пяці пакояў і абставілася даволі комфортабельна і з уласьцівым ёй густам. Калі-б хто ўзяўся намаляваць яе абстаноўку, дык пераважным настроем у вобразе атрымалася б гультайства. Для гультайскага цела — мяккія канапы, мяккія табурэткі, для гультайскіх ног — дываны; для гультайскага зроку — лінючыя, цьмяныя або змрочныя колеры; для гультайскай душы — мноства па сьценах танных віхляроў і дробных абразкоў, дзе орыгінальнасьць выкананьня пераважае над зьместам, багата столікаў і палічак, застаўленых зусім непатрэбнымі і бяз ніякае цаны рэчамі, нязграбнае шкумацьцё заместа фіранак… Усё гэта разам з баязьлівасьцю яркіх колераў, сымэтрыі[1] і прастору, акрамя душэўнага абібоцтва, сьведчыць яшчэ і аб скажэньні прыроднага густу. Цалюткія дні Кася ляжыць на канапе і чытае кнігу, пераважна романы і аповесьці. З дому яна выходзіць толькі раз у дзень, пасьля паўдня, каб убачыцца са мною.

Я працую, а Кася сядзіць недалёка ад мяне на канапе, маўчыць і захінаецца ў шалік, быццам ёй хо-

  1. Сымэтрыя — суразьмернасьць, правільнае разьмяшчаньне частак.