Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/52

Гэта старонка не была вычытаная

падобен да ракавай шыйкі, і нават, мне здаецца, ад усяго гэтага маладога чалавека тхне пахам ракавага крупніку. Бывае ён у нас штодня, але ніхто ў маёй сям’і ня ведае, якога ён паходжаньня, дзе вучыўся і на якія сродкі жыве. Ён ня грае і не пяе, але мае нейкае дачыненьне і да музыкі, і да сьпеваў, прадае недзе роялі, бывае ў консэрваторыі, знаёмы з усімі выдатнымі людзьмі і распараджаецца на концэртах; разважае ён пра музыку з вялікім аўторытэтам, і, я заўважыў, з ім ахвотна ўсе згаджаюцца.

Багатыя людзі маюць заўсёды каля сябе нахлебнікаў, навукі і мастацтва — таксама. Здаецца, няма на сьвеце такога мастацтва або навукі, што былі-б вольныя ад прысутнасьці «іншародных цел» накшталт гэтага п. Гнэккера. Я ня музыка і, можа, памыляюся ў дачыненьні да Гнэккера, якога, да таго-ж, мала ведаю. Але надта ўжо здаюцца мне падазронымі яго аўторытэт і тая павага, з якою ён стаіць каля роялю і слухае, калі хто-небудзь пяе або грае.

Будзьце вы сто разоў джэнтльмэнам і тайным радцаю, але калі ў вас ёсьць дачка, дык вы нічым не гарантаваны ад таго мяшчанства, якое часта прыносяць у ваш дом і ў ваш настрой залёты, сватаньне і вясельле. Я, напрыклад, ніяк не магу зьмірыцца з тым урачыстым выразам, што бывае ў маёй жонкі кожны раз, калі сядзіць у нас Гнэккер, не магу таксама зьмірыцца з тымі бутэлькамі лафіту, портвейну і хэрэсу, што ставяцца толькі дзеля яго, каб ён на свае вочы пераканаўся, як шырока і багата мы жывем. Не пера-