Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/55

Гэта старонка не была вычытаная

У мяне такое пачуцьцё, нібы калісьці я жыў дома з сапраўднай сям’ёй, а цяпер палудную ў гасьцях у несапраўднай жонкі і бачу несапраўдную Лізу. У абедзьвюх зрабілася выразная перамена, я прапусьціў той доўгі процес, паводле якога гэта зьмена адбывалася, і ня дзіва, што я нічога не разумею. Чаму адбылася зьмена? Ня ведаю. Можа, уся бяда таму, што жонцы і дачцэ бог ня даў тае сілы, што мне. З дзяцінства я звык супроцьстаяць знадворным уплывам досыць загартаваў сябе: такія жыцьцёвыя катастрофы, як славутасьць, генэральства, пераход ад выгады да жыцьця не паводле сродкаў, знаёмства з магнацтвам і інш., ледзь стыкнуліся са мною, і я застаўся цэлы і непашкоджаны; на слабых-жа, не загартаваных жонку і Лізу ўсё гэта скінулася, як вялікая сьнегавая камлыга, і сьціснула іх.

Паненкі і Гнэккер гавораць аб фугах[1], контра-пунктах[2], аб сьпевакох і піяністых, пра Баха[3], Брамса[4], а жонка, баючыся, каб яе не западазрылі ў музычным невуцтве, прыязна ўсьміхаецца ім і мармыча: «Гэта надзвычайна… Няўжо? Скажэце…» Гнэккер паважна есьць, паважна жартуе і прыніжаючыся выслухоўвае заўвагі паненак. Калі-ні-калі ў яго

  1. Фуга — вышэйшая і самая дасканалая форма шматгучнае музыкі.
  2. Контра-пункт — злучэньне некалькіх самостойных галасоў, што адрозьніваецца поўнаю мілагучнасьцю.
  3. Бах — (1796–1863) — славуты нямецкі музыка.
  4. Брамс — (1853–1897) — славуты нямецкі творца музычных твораў (композытар).