Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/56

Гэта старонка не была вычытаная

зьяўляецца жаданьне пагаварыць на дрэннай францускай мове, і тады ён чамусьці знаходзіць патрэбным павялічваць мяне votre exellence[1].

А я пануры. Як відаць, я ўсім ім не даю разгарненьня, а яны не даюць яго мне. Ніколі раней я ня быў блізка знаёмы з станавым антагонізмам[2], але цяпер мяне мучыць менавіта нешта кшталтам гэтага. Я стараюся знаходзіць у Гнэккеры ўсяго адны дрэнныя рысы, хутка знаходжу іх і пакутую, што на яго маладога месцы сядзіць чалавек не майго кола. Прысутнасьць яго дрэнна ўплывае на мяне яшчэ і з другога боку. Звычайна, калі я застаюся сам-на-сам, або бываю на людзях, каго люблю, я ніколі ня думаю пра свае заслугі, а калі пачынаю думаць, дык яны здаюцца мне гэткімі мізэрнымі, як быццам я стаў вучоным толькі ўчора: у прысутнасьці-ж такіх людзей, як Гнэккер, мае заслугі здаюцца мне найвышэйшай гарою, вяршыня якой чэзьне ў хмарах, а ў падгор’і шавеляцца ледзь прыкметныя воку Гнэккеры.

Пасьля полудня я іду да сябе ў габінэт і закурваю там сваю люлечку, адзіную за ўвесь дзень, што засталася ад даўнейшай дрэннай прывычкі курыць з раньня да ночы. Калі я куру, да мяне ўваходзіць жонка і сядае, каб пагаварыць са мною. Таксама як і раніцою, я загадзя ведаю, пра што у нас будзе гутарка.

— Трэба-б было нам з табой пагаварыць сур’ёзна,

  1. Ваша сьветласьць.
  2. Антагонізм — варожасьць.