Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/67

Гэта старонка не была вычытаная

гляд, што маё чытаньне ім зразумела і падабаецца. Ну, думаю, калі падабаецца, дык наце-ж вам! На злосьць! Узяў і прачытаў усе чатыры балонкі.

Калі ён гаворыць, то ўсьміхаюцца ў яго, як наогул у насьмешных людзей, адны ўсяго вочы і бровы. У ваччу ў яго ў гэты час няма ні нянавісьці, ні злосьці, але шмат вострасьці, жартаўлівасьці і той асаблівай лісінай хітрасьці, што можна бывае заўважыць толькі ў вельмі назіральных людзей. Калі гаварыць болей пра яго вочы, дык я заўважыў яшчэ адну іх асаблівасьць. Калі ён бярэ ад Касі шклянку, або выслухоўвае яе заўвагу, або праводзіць яе поглядам, калі яна чаго-небудзь ненадоўга выходзіць з пакою, дык у яго поглядзе я заўважаю нешта лагоднае, маліцьвенае, чыстае…

Пакаёўка прыбірае самавар і ставіць на стол вялікі кавалак сыру, садавіну і бутэльку крымскага шампанскага, даволі дрэннага віна, што Касі спадабалася, як яна жыла ў Крыме. Міхал Тодаравіч бярэ з этажэркі дзьве калоды карт і раскладвае пасьянс. Як ён сьцьвярджае, некаторыя пасьянсы патрабуюць вялікай кемнасьці і ўвагі, але тым ня менш, усё-такі, раскладваючы іх, ён ня спыняе забаўляць сябе гутаркаю. Кася ўважна сочыць за яго картамі і больш мімікаю, як слоўмі, дапамагае яму. Віна за ўвесь вечар яна выпівае ня больш за дзьве чаркі, я выпіваю чвэрць шклянкі; астатняя частка бутэлькі застаецца Міхалу Тодаравічу, што можа піць шмат і ніколі ня ўпіваецца.

За пасьянсам мы вырашаем розныя пытаньні, пера-