Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/69

Гэта старонка не была вычытаная

хоць-бы працаваць і думаць умелі як трэба! От ужо менавіта: «печально я гляжу на ваше поколенье».

— Так, вельмі здрабнелі, — згаджаецца Кася. — Скажэце, у апошнія пяць-дзесяць год ці быў у вас хоць адзін выдатны?

— Ня ведаю, як у іншых профэсараў, але ў сябе нешта ня помню.

— Я бачыла на сваім вяку шмат студэнтаў і вашых маладых вучоных, шмат актораў… Што-ж? Ні разу не давялося сустрэцца ня толькі з героем, або з талентам, але нават проста з цікавым чалавекам. Усё шэрае, няздатнае, з вялікімі вымаганьнямі…

Усе гэтыя гутаркі аб здрабненьні робяць на мяне ўсякі раз такое ўражаньне, як-бы я незнарок падслухаў благую памоўку пра сваю дачку. Мне крыўдна, што абвінавачаньні агульныя і будуюцца на такіх даўно зьбітых агульных мясцох, такіх жупелах, як здрабненьне, адсутнасьць ідэалаў, або спасылка на прыгожае мінулае. Усякае абвінавачаньне, нават калі яно ня выказваецца ў жаночым коле, павінна быць формулявана з магчымаю пэўнасьцю, іначай яно не абвінавачаньне, а пустая зьнявага, ня вартая прыстойных людзей.

Я стары, служу ужо 30 год, але не заўважаю ні здрабненьня, ні адсутнасьці ідэалаў і не знаходжу, каб цяпер было горай, як даўней. Мой швайцар, Мікалай, чыя практыка ў дадзеным выпадку мае сваю цану, гаворыць, што цяперашнія студэнты ня лепшыя і ня горшыя за ранейшых.