Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/82

Гэта старонка не была вычытаная

і думаю: «ідзі, ідзі, ідзі»… Але ён не паддаецца гіпнозу і сядзіць, сядзіць, сядзіць…

Пакуль ён сядзіць у мяне, я ніяк не магу адчапіцца ад думкі: «вельмі магчыма, што калі я памру, яго прызначаць на маё месца», і мая бедная аўдыторыя здаецца мне оазам, дзе высах ручай, і я з Пётрам Ігнатавічам неласкавы, маўклівы, пануры, як-бы за гэтыя думкі вінен ён, а ня я сам. Калі ён пачынае паводле звычаю ўслаўляць нямецкіх вучоных, я ўжо не жартую дабрадушна, як раней, а панура мармычу:

— Аслы вашы немцы…

Гэта падобна да таго, як нябожчык профэсар Мікіта Крылоў, купаючыся аднойчы з Пірогавым у Рэвелі і раззлаваўшыся на ваду, што была дужа халодная, вылаяўся: «падлюгі немцы!» Трымаю я сябе з Пётрам Ігнатавічам дрэнна, і толькі калі ён адыходзіць і я бачу, як у вакне за агародчыкам мільгае яго шэры капялюш, мне хочацца паклікаць яго і сказаць: «даруйце мне, галубок!»

Полудзень у нас праходзіць нудней, як узімку. Той-жа Гнэккер, якога я цяпер ненавіджу і пагарджаю, палуднуе ў мяне кожны дзень. Раней я цярпеў яго прысутнасьць моўчкі, цяпер я выкідваю на яго адрас упінкі, ад чаго чырванеюць жонка і Ліза. Зачапіўшыся злосным пачуцьцём, я часта гавару проста глупства і ня ведаю, нашто гавару яго. Так здарылася аднойчы, я доўга глядзеў з пагардаю на Гнэккера і раптам пальнуў:

Арлам здараецца і ніжэй кур спускацца,
Але курам да воблакаў ніколі ня ўзьняцца…