Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/84

Гэта старонка не была вычытаная

ная, я не спрачаюся, з ёю прыемна прабавіць час, але ў твае гады і з тваім грамадзкім становішчам неяк, ведаеш, дзіўна знаходзіць асалоду ў яе кампаніі… Да таго-ж, у яе такая рэпутацыя, што…

Уся кроў раптам адлівае ад маіх мазгоў, з вачэй сыплюцца іскры. Я ўскакваю і, схапіўшы сябе за галаву, тупаючы нагамі, крычу не сваім голасам:

— Пакіньце мяне! Пакіньце мяне! Пакіньце!

Напэўна твар мой жудасны, голас нязвычайны, таму што жонка раптам бляднее і моцна ўскрыквае нейкім таксама не сваім роспачным голасам. На наш крык убягаюць Ліза, Гнэккер, потым Ягор…

— Пакіньце мяне! — крычу я. — Вон! Пакіньце!

Ногі мае нямеюць, нібы іх няма зусім, я адчуваю, як валюся на чыесьці рукі, потым нядоўга чую плач і страчваю прытомнасьць, што цягнецца гадзіны дзьве-тры.

Цяпер пра Касю. Яна бывае ў мяне кожны дзень перад вечарам, і гэтага, вядома, ня могуць не заўважыць ні суседзі, ні знаёмыя. Яна прыяжджае на хвілінку і вязе мяне з сабою праехацца. У яе свой конь і новенькі шарабан, куплены гэтага лета. Наогул жыве яна на шырокую ногу: наняла дарагую дачу-асабняк з вялікім садам і перавезла туды ўсю сваю гарадзкую абстаноўку, мае дзьвёх пакаёвак, фурмана… Часта я пытаюся ў яе:

— Кася, як ты будзеш жыць, калі прамантачыш бацькаўскія грошы?

— Там убачым, — адказвае яна.