Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/87

Гэта старонка не была вычытаная

нятыя і вам некалі было набываць гэтае чуцьццё. Наогул… я ня люблю гэтых гаворак пра мастацтва! — кажа яна нэрвова. — Ня люблю! І так ужо зьняславілі яго, дзякую шчыра!

— Хто зьняславіў?

— Тыя зьняславілі яго п’янствам, газэты — абыходжаньнем за панібрата, разумныя людзі — філёзофіяй.

— Філёзофія тут ні да чаго.

— Да чаго. Калі хто філёзофствуе, дык гэта значыць, што ён не разумее.

Каб справа не дайшла да рэзкасьцяй, я сьпяшаюся зьмяніць гаворку і потым доўга маўчу. Толькі калі мы выяжджаем з лесу і накіроўваемся да Касінай дачы, я варочаюся да ранейшай гаворкі і пытаю:

— Ты ўсё-такі не адказала мне: чаму ты ня хочаш ісьці ў акторкі?

— Мікалай Сьцяпанавіч, гэта ўрэшце бязьлітаснасьць! — ускрыквае яна і раптам уся чырванее. — Вам хочацца, каб я сказала праўду? Калі ласка, калі гэта… гэта вам падабаецца! Таленту ў мяне няма. Таленту няма і… шмат ганарыстасьці! От!

Зрабіўшы такое прызнаньне, яна адварочвае ад мяне твар і, каб незаўважаны былі дрыжыкі ў руках, моцна торгае за лейцы.

Пад’яжджаючы да яе дачы, мы ўжо здалёку бачым Міхала Тодаравіча, што спацыруе каля варот і чакае не счакаецца нас.