Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/93

Гэта старонка не была вычытаная

сьціхаюць, і я наважыў нічога не прапісваць, і ўсё-такі стаю…

Цішыня сьмяртэльная, такая цішыня, што, як сказаў нейкі пісьменьнік, нават у вушшу зьвініць. Час ідзе марудна, палосы месячнага сьвятла на падаконьніку не мяняюць свайго становішча, бы застылі… Досьвіткі яшчэ ня скора.

Але вось у агародчыку скрыпіць калітка, нехта падкрадаецца і, адламаўшы ад аднаго з худзенькіх дрэўцаў галінку, асьцярожна стукае ёю ў вакно.

— Мікалай Сьцяпанавіч! — чую я шэпт. — Мікалай Сьцяпанавіч!

Я адчыняю вакно, і мне здаецца, што я бачу сон пад вакном, прытуліўшыся да сьцяны, стаіць жанчына ў чорным адзеньні, ярка асьветленая месяцам, і глядзіць на мяне вялікімі вачыма. Твар яе зблажэлы, строгі і фантастычны ад месяца, як мармуровы, падбародак дрыжыць.

— Гэта я… — гаворыць яна. — Я… Кася!

Пад месяц усе жаночыя вочы здаюцца вялікімі і чорнымі, людзі вышэй і блажней, і таму, напэўна, я не пазнаў яе ў першую хвіліну.

— Чаго табе?

— Даруйце, — кажа яна. — Мне раптам чамусь стала дужа цяжка… Я ня вытрымала і паехала сюды… У вас у вакне агонь і… я пастукала… Прабачце… Ах, каб вы ведалі, як мне было цяжка! Што вы цяпер робіце?

— Нічога… Бяссоньніца.