Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/96

Гэта старонка не была вычытаная

пад прозьвішчам Гнэккера. Пытаюся наконт маёнткаў — тое-ж самае.

У калідоры гадзіньнік б’е гадзіну, потым дзьве, потым тры… Апошнія месяцы майго жыцьця, пакуль я чакаю сьмерці, здаюцца мне куды даўжэйшымі за ўсё маё жыцьцё. І ніколі раней я ня ўмеў гэтак пагоджвацца з маруднасьцю часу, як цяпер. Раней, бывала, калі чакаеш на вакзале цягніка або сядзіш на экзамене, чвэртка гадзіны здаецца вечнасьцю, цяпер- жа я магу ўсю ноч сядзець нярухома на ложку і зусім абыякава думаць пра тое, што заўтра будзе гэткая-ж доўгая бескаляровая ноч і посьлязаўтра…

У калідоры б’е пяць гадзін, шэсьць, сем… Цямнее.

У шчацэ тупы боль — гэта пачынаецца tic. Каб забавіць сябе думкамі, я станаўлюся на ранейшы свой пункт погляду, калі ня быў абыякі, і пытаю: чаго я, славуты чалавек, тайны радца, сяджу ў гэтым маленькім нумары, на гэтым ложку з чужою шэраю коўдраю? Чаго я гляджу на гэту танную бляшаную мыйніцу і слухаю, як у калідоры бранчыць дрэнны гадзіньнік? Хіба ўсё гэта варта маёй славы і майго высокага становішча ў людзях? І на гэтыя пытаньні я адказваю сабе ўсьмешкаю. Сьмешна мне мая наіўнасьць, з якою я некалі ў маладосьці пераўвялічваў значэньне славутасьці і таго выключнага становішча, чым нібы-та карыстаюцца славутыя людзі. Я вядомы, маё імя вымаўляецца з вялікаю пашанаю, мой портрэт быў і ў «Ниве», і ў «Всемирной Иллюстрации», сваю біографію я чытаю нават у аднэй нямецкай часопісі —