Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/97

Гэта старонка не была вычытаная

і што-ж з гэтага? Сяджу я сам-на-сам у чужым горадзе, на чужым ложку, тру далоньню сваю балючую шчаку… Сямейная бязладзіца, бязьлітаснасьць крэдытораў, грубасьць на чыгунцы, нязручнасьць паспартнай сыстэмы, дарагая і нездаровая страва ў буфэтах, усеагульнае невуцтва і грубасьць у абыходжаньні — усё гэта і шмат што іншае, што было-б вельмі доўга пералічаць, датычыцца мяне ня менш, як кожнага мешчаніна, вядомага толькі сваёй вуліцы. У чым-жа выключнасьць майго становішча? Уявім, што я славуты тысячу разоў, што я герой, мною ганарыцца мая айчына; ува ўсіх газэтах пішуць бюлетэні пра маю хваробу, па пошце ідуць ужо да мяне спачувальныя адрасы ад таварышоў, вучняў і публікі, але ўсё гэта не перашкодзіць мне памерці на чужым ложку, у адзіноцтве… Тут, вядома, ніхто ня вінен, але, грэшны чалавек, ня люблю я сваё популярнае імя. Мне здаецца, як быццам яно мяне ашукала.

Гадзін у дзесяць я засынаю ня гледзячы на tic, сплю моцна і спаў-бы доўга, каб мяне не пабудзілі. У пачатку другой гадзіны раптам чуецца стук у дзьверы.

— Хто там?

— Тэлеграма!

— Маглі-б і заўтра, — крыўджуся я, атрымліваючы ад калідорнага тэлеграму. — Цяпер ужо я не засну другі раз.

— Вінават-с. У вас агонь гарыць, я думаў, што вы ня сьпіцё.