Старонка:Нудная гісторыя (1931).pdf/99

Гэта старонка не была вычытаная

з навукай. Хацеў-бы яшчэ пажыць гадоў дзесяць… Далей што?

А далей нічога. Я думаю, доўга думаю і нічога не магу яшчэ здумаць. І колькі-б я ні думаў і куды-б ні раскідаліся мае думкі, мне відаць, што ў маіх жаданьнях няма нечага галоўнага, нечага вельмі важнага. У маім захапленьні навукаю, у маім жаданьні жыць, у гэтым сядзеньні на чужым ложку і ў імкненьні пазнаць самога сябе, ва ўсіх думках, пачуцьцях і паняцьцях, што я складаю аб усім, няма нечага агульнага, што зьвязала-б усё гэта ў адно цэлае. Кожнае пачуцьцё і кожная думка жывуць ува мне асобна, і ва ўсіх маіх гаворках пра навуку, тэатр, літаратуру, вучняў, ва ўсіх абразкох, што малюе маë ўяўленьне, нават самы ўмелы аналітык[1] ня знойдзе таго, што называецца агульнай ідэяй, або богам жывога чалавека.

А калі няма гэтага, дык, значыць, няма і нічога.

У такой беднасьці даволі было сур’ёзнай немачы, страху сьмерці, уплыву абставін і людзей, каб усё тое, што я раней меў за свой сьветапогляд і ў тым бачыў сэнс і радасьць свайго жыцьця, перавярнулася ўверх дном і разьляцелася на шматы. Нічога-ж таму няма дзіўнага, што апошнія месяцы свайго жыцьця я зацьміў думкаю і пачуцьцямі, вартымі раба і барбара, што цяпер я абыякі і не заўважваю досьвіткаў.

  1. Ад слова аналіз — разьбіраньне на часткі, дасканалы досьлед.