Старонка:Нявольнічы карабель (1933).pdf/1

Гэта старонка не была вычытаная
Гайнрых Гайнэ

НЯВОЛЬНІЧЫ КАРАБЕЛЬ

(Das Sclavenschiffe)

I

Суперкаго Мінэр ван Кок
Сядзіць над копамі сшыткаў —
Падлічвае колькасьць пагружаных тон
І суму магчымых прыбыткаў.
— „Га! Перац — адменны і гума, як сьлед,
Тры сотні мяхоў і шуфляды,
Пясок залаты, і сланёвая косьць,
І чорнай хапае гавяды…
Я вымяняў нэграў шэсьць соцен сабе
Амаль задарма ў Сэнэгале —
Мяса — сухое, цягліцы ўсё,
Як літыя з лепшай сталі.
Даў я ў абмен ім пэрлаў шкляных…
Гарэлкі падліў дзеля ўмовы…
Няхай восемсот адсоткаў вазьму,
Мне-ж хопіць да сьмерці паловы.
Няхай толькі трыста я з іх давязу
Да прыстані Рыо-Жанэйро,
Па сотні дукатаў за штуку мне дасьць
Кампанія пана Пэрэйро…“
Але раптам спыняецца Мінэр ван Кок,
Адкладае свае каштарысы —
У каюту ўвайшоў карабельны урач
Доктар ван-дэр-Смісэн.
У доктара костка аб костку б‘е,
Нос у прышчох — чырвоны яблык…
— „Ну, эскулапе, — крычыць ван Кок,
Як маюцца чорныя д‘яблы?“
— „Нядобрыя весткі! — гаворыць хірург
З належным паклонам удзячным.
— „Сьмяротнасьць сёньня ўначы
Падвысілася значна.