Старонка:Окліч.pdf/3

Гэта старонка не была вычытаная

шырыць між братоў сьвет навукі і рупіцца аб экономічным развіцьці нашаго краю.

Як вучыць? Школ сваіх, беларускіх — мы ня маемо, а тые школы, што ў нас ёсць, вучаць толькі самых пачаткоў чытаць, пісаць, рахаваць. Але элементарная навука сама на сабе ня робіць культуры. Таго, што ўсе будуць умець чытаць, для культуры мало: трэба, каб у душы кожнаго грамадзяніна нарадзіліся лепшые, вышэйшые думкі і жаданьня ( - ня тое, што каб толькі есьці!); трэба, каб ён сам пачуў сябе чалавекам, каб чуцьцëм разумеў душу братоў сваіх, каб пазнаў, у чым карысць усяго грамадзянства, ды працаваў для свайго краю, маючы перад вачыма ідэалы агульна-людзкіе. Хоць бы кожын беларус, ідучы ў царкву, ці ў касьцёл, маліўся тамака с кніжкі, хоць-бы ў канцэлярыі сам патрапіў падпісаць цэльнае сваё прозьвішчэ, — дык гэтае знаёмство з граматой не шмат яму само па сабе паможэ, пакуль ён жыве пад аднай стрэхай з жывёлай у вільготнай, цёмнай хаці, у якой вокны ніколі не атчыняюцца; — пакуль харчуецца аднай бульбай — дый то не да-сыта, а мыецца толькі с прымусу пад дажджом; пакуль не крадзе і не забівае толькі затым, што баіцца судоў, т. д. Навучыць наш народ сьведома глядзець на жыцьцё і ўвесь сьвет Божы; памагчы яму хаўрусам збудаваць сабе моцны экономічны фундамэнт; завадзіць хаўрусные экономічные і асьветовые організаціі, національны тэатр, народные домы для адпачынку і культурнай забавы, — вось праграма для таго, хто шчыра жадае развіцьця культуры у беларусоў.

Вялікая рэч кніжка. Але трэба, каб тые добрые думкі, якіе беларус може у ёй знайсьці, зрабіліся яго думкамі, каб ён сам рупіўся правадзіць іх у жыцьцё. Дзеля гэтаго трэба развіваць усе яго здольнасьці, ўсе асобнасьці душы яго, якімі беларус рожніцца ад людзей іншых націй і якіе злажыліся векамі.

Калі ў думках сваіх мы бачым нашу старонку ў будучыне шчасьлівай, то гэта будзе не Беларусь панская, не старонка для нявольнікоў, с цемнатой у нізе і з яснымі зоркамі толькі ў гары, а Беларусь сьветлая ад нізу да верхоў, у якой усе будуць пачувацца поўнапраўнымі грамадзянамі у сваей бацькоўшчыне і роўна будуць аддаваць ёй свае сілы.

Янка Окліч.