Старонка:Окліч.pdf/4

Гэта старонка не была вычытаная

Ці маем права быць беларусамі?

Natіo natіonі ves sacra est.[1]

І.

Прошлы XІX век сьмела можна назваць векам развіцьця народоў у значэньні національным. І запраўду, у гэтым сталецьці мы бачым, як національная ідэя пачынае развівацца з небывалай сілай, пачынае шырыцца паміж новымі і новымі народамі, як ужо навука і філософія падчас разгледаньня выпадкоў, што маюць вагу ня толькі мейсцовую, але і агульналюдзкую, уводзяць новы элемэнт — дагэтуль невядомы — элемэнт національны. У гэтым сталецьці тая ідэя даходзіць бадай што да найбольшаго пункту свайго развіцьця, — і пасьля, як і кожная лепшая думка пры злучэньні з жыцьцём, сходзіць на благіе сцежкі і робіцца ўжо шкоднай ня толькі для развіцьця духоўнай культуры, поглядоў, але і для складнаго жыцьця паміж людзьмі розных народоў, што жывуць і працуюць побоч.

Захад Эўропы ужо быў, а нават ешчэ ёсць сьведкай эволюціі націоналізмоў розных кірункоў. У нас жэ, хаця тутака жыве шмат народоў, як беларусы, літвіны, палякі, жыды і т. д. національнаго пытаньня дагэтуль, пакуль беларусы і літвіны ня выступілі на арэну соціально-палітычнаго жыцьця, можна казаць, не было. Было толькі польско-расейскае змаганьне. Але як літвіны і беларусы зажадалі сабе роўных правоў, сказалі, што і яны жывуць, — вось тады побоч старай расейска-польскай сваркі пачынае развівацца польско-літоўская і іншые. Гэтые усе сваркі, папраўдзі кажучы, трудна назваць сваркамі паміж народамі, дзеля таго, што тые народы ад векоў жывуць згодна паміж сабой і не мяркуюць нават адбіраць якіе правы адзін ад аднаго. Гэтые сваркі робяцца загадчыкамі заядлых національных партій — і ўжо адгэтуль, як рэхо адбіваюцца у народзі.

Вось цяпер мы і можэм бачыць развіцьце як добра зразумелаго, здароваго націоналізму — у значэньні абароны сваіх правоў, ад вякоў прыналежных: кожнаму, і развіцьця усіх асобнасцей, глыбока захаваных на дне народнай душы;-так і шкоднаго націоналізму, для катораго глаўнай мэтай ёсць зьдзек над іншымі народамі-"інородцамі", здзек дзеля таго, каб тые „інородцы" нічым ня розніліся у сваей душы, мове, адным словам у сваей культуры, ад тых, што маюць права сілы. Старая як сьвет, байка: Vae vіctіs![2]

Праўда, бываюць ешчэ і такіе, што хаця сілай і не прашкаджаюць народам развіваць свае асобнасьці, але вядуць такую палітыку, што пры помачы культуры рупяцца адарваць людзей ад іх роднаго пня, каб прыдбаць свайму народу, -і робіцца гэта, як кажэм, у імя культуры!

Мы, беларусы, у сваім адраджэньні маем шмат ворагоў: з аднаго боку розных шовіністоў-націоналістоў (тых са шкодным націоналізмам), каторые проста кажуць, што ніякіх беларусоў німа; з другога — такіх, што хаця і прызнаюць беларусам права на развіцьце сваей культуры, але спагадаюць і патураюць тым, што кідаюць сваю національную вопратку і перэстаюць быць беларусамі, бо гэта, бытцым, дасць ім можнасць карыстаць з вышэйшай культуры.

Вось нам і трэба канешне падумаць, ці запраўды варта працаваць над развіцьцем сваей уласнай культуры, сваей душы, — і ці не варта кінуць тую, бытцым, дарэмную працу ды адразу карыстаць з таго дабра, якое дае нам іншая культура?

Раней чым паказаць вялікіе абмылкі такога погляду, як погляду не дэмократычнаго, хочэцца нам за вялікім расейскім вучоным А. Д. Градовскім паўтарыць дзе якіе яго залатые думкі, каторые і ясна тлумачаць, што кожны народ мае права на развіцьце усяго свайго роднаго і што, калі хто запыніць тое развіцьце, дык робіць вялікую шкоду усей агульна-людзкой культуры. Той прафэсар акуратна разумеў вялікую вагу асобнаго жыцьця нават кожнаго маленькаго народа, і дзеля таго гарой стаяў за право кожнай народнасьці на свае "я". Вось і паслухаем, што ён кажэ:

"Кожная натуральная народнасць, нація гэта нейкая як бы адна вялікая асоба, што розніцца ад іншых асобнасьцямі свайго характэра, сваімі духоўнымі і умственнымі здольносцямі, -а дзеля таго і мае права на незалежнае жыцьцё і развіцьце. Тая розніца національных асобнасцей і ёсць канешны варунак для правільнаго развіцьця агульна людзкаго жыцьця усяго сьвету.

Асобны народ, які бы ня быў ён здольны і якіе бы ня меў багатые матэр'яльные варункі, можэ толькі выказаць адзін бок агульно-людзкога жыцьця. Адарваць ад чалавечества яго розные суставы, гэта адабраць можнасць выказаць яму у усесьветнай гісторыі ўсё багацьце зместа чалавечэскаго духа. Адна едыная цывілізація, адзінакавасць культурных форм — заўсёды праціўна ўсім варункам чалавечэскаго поступу. Навука не адкідае паняцьця агульна-людзкой цывілізаціі у тым значэньні, што ўсё важнейшае і лепшае, што вырабляецца душой, і розумом і рукамі кожнаго народа робяцца уласнасью усіх. Але гісторыя нічым ня збітымі фактамі давадзіць, што усё гэта багацьце магло вырабіцца толькі на грунце національным, што такое дзіва красы як фігуры Фідія і такая філасофія, як Платона гэта твор грэцкі, што мудрые рымскіе законы гэта прадукт рымскай гісторыі, што найсвабаднейшая констытуція Англі; — гэта яе національная уласнасць. І ўсё-ж ім гэта не прашкаджае мець агульна-людзкое значэньне, мець уплыў на развіцьце паняцьця хараства, пекнасьці на філасофію і на палітыку ва усім вучоным сьвеце.

У імя поўнаты агульна-людзкой цывілізацыі усе народнасьці прызваны да працы, да жыцьця... Кожная народнасць павінна даць чалавечеству тое, што схавана у сілах яе духоўна-моральнай натуры. Народнае творчэства — ВОСЬ апошняя мэта, каторую паказывае сама прырода, — мэта, без каторай ня можна дайсці да палепшэньня чалавечэскаго роду. Падпарадкаваць усе расы адной "усератуюшчэй" цівілізаціі, так сама дужа кепска уплывае на міжнароднае жыцьцё як і "усератуюшчая" адмінастрацыйная цэнтралізація на унутранае жыцьцё народа".

Мы гэта, як пачалі працаваць над нашым адраджэньнем, акуратна разумелі і верылі, што наша праца ня пройдзе здарма. Што толькі наш беларускі народ праз сваю народную творчасць можэ найбольш даць карыснаго усесветнай культуры.

І. М-скі.

  1. Народ народу рэч сьвятая.
  2. Беда пабітым!