джаяў, бачыш змардаваныя, з маладосьці старыя твары мясцовых сялян.
Зьмітро Халімонавіч зьвярнуў маю ўвагу на тое, што тут дужа рэдка сустракаюцца пасяленьні. Сапраўды, мы едзем тры вярсты, пяць вёрст, сем, восем — і навокал адно толькі пустое нуднае поле.
— І гэта ў той час, калі ў нас аграрная перанаселенасьць, калі дзесяткамі, сотнямі выяжджаюць сялянскія сем’і ў Сібір, на Далёкі Ўсход. Унутраная колёнізацыя — вось наша бліжэйшая задача.
І ён тлумачыць мне сутнасьць унутранай колёнізацыі, потым пераходзіць на інтэнсыўнасьць гаспадаркі, на севазвароты, на лубінізацыю. Дзівіцца, чаму нідзе ня відаць лубіну, ў той час калі тут ён можа зрабіць цэлую рэволюцыю. Я таксама выказваю вельмі цікавую думку аб тым, што каб тут разоў у колькі ўзьняць культуру гаспадаркі, каб правесьці ўва ўсе бакі сошы ды абсадзіць іх фруктовымі дрэвамі, каб пабудаваць новыя вёскі — з каменнымі будынкамі, з чырвонымі стрэхамі, з электрычнасьцю, — дык-бы гэтая мясцовасьць была падобна на Нямеччыну…