Праяжджаем праз лес. Што гэта за лес! Яго трэба бачыць — іначай уявіць яго немагчыма. Параўнаць яго можна хіба з валасамі на галаве ў шалудзівага. У гэтым лесе многа пчаліных калод — відаць, бортніцтва тут разьвінута ня слаба. Калоды грузна паўсядалі ў крывое карузлае сучча дрэў і здалёку робяць уражаньне нейкіх дзікіх непамерна-вялікіх пладоў. Калі калода на дубе — здаецца, што гэта вырас на ім такі вялізарны жолуд.
Нудна ў такім недарэчным убогім лесе!
А вось і вёска. Возьнік гаворыць, што ад гэтае вёскі асталося сем вёрст. Ён сказаў праўду, ён толькі забыўся дадаць, што сама гэта вёска цягнецца, мабыць, ня менш як вярсты на дзьве.
Сапраўды, дужа вялікая вёска. Вялікая, брудная і страшэнна бедная, прынамсі, на погляд. Няпрыемная вёска, хоць і жыў тут, як я потым даведаўся, наш поэта Алесь Дудар. Хаткі ў большасьці маленькія, падсьлепаватыя, дзеці худыя, абдзёртыя, жывёла дробная, худая. Завецца гэтая вёска — Таль.
Мой падарожнік штурхае мяне пад бок.
— Глядзі, колькі тут гарбузоў!