І тут, і потым у іншых вёсках мы бачылі цэлыя гароды, засеяныя гарбузамі. Сьпелыя гарбузы, як сытыя парасяты, грэлі на сонцы круглыя залатыя бакі і сваім ціхамірна-давольным выглядам рабілі досыць соліднае ўражаньне. Мы разважалі аб тым, ці ня варта было-б зьвярнуць большую ўвагу на пашырэньне ў Беларусі гэтае непераборлівае ў сэнсе глебы культуры.
(У гэтай мясцовасьці гарбузамі кормяць жывёлу).
Мінулі вёску. Зноў поле, зноў нудная глухая пустэча. Нездалёк ад дарогі нейкае малое скародзіць вузенькую паласу. У яго шырокія даўгія штаны, шырокая і даўгая сарочка, наогул усё шырокае і даўгое. А сам — з клапа. Дужа комічная карцінка. Зьмітро Халімонавіч паказвае мне на гэта стварэньне і дабрадушна сьмяецца.
— Пасяўная кампанія ў поўным разгары…
На парозе Новай Зямлі.
З мястэчка Любані мы накіроўваліся далей на поўдзень, туды, дзе пачынаецца Палесьсе.