У м. Любані, у райвыканкоме, мы чакалі падводы. Ветлы любаньскі народ хацеў паспрыяць нам, выправіць нас і далей на тым самым грамоздным катафалку, але з гэтага нічога ня вышла. Спачатку коні не падышлі да катафалка, потым, як другі раз памерылі, катафалк не падышоў да коняй. Тады пабеглі шукаць для нас (ці можа ад нас) якога-небудзь іншага спосабу.
Сама тады, як нам канчаткова надакучыла чакаць, да райвыканкому падкаціла пара вясёлых коняй, запрэжаных у самую сапраўдную карахвашку. З карахвашкі выскачыў нехта тоўсьценькі, камляваты, з шырокім румяным тварам, з мяккай бародкай, з цьвёрдымі энэргійнымі рухамі. Гэты тоўсьценькі быў інжынэр Гнеўка, галоўны кіраўнік мэліорацыйных работ гэтага раёну, той самы чалавек, які нам быў і патрэбны.
Мы зараз-жа селі ў яго карахвашку і выехалі разам з ім з гасьціннае Любані.
Першае, што сустрэлі мы за Любаньню і што было ўжо аднэй з характэрных адзнак блізкага Палесься, гэта былі досыць вялікія пясковыя ўзгоркі, амаль што голыя, толькі