рэдка-рэдка дзе зарослыя шорсткай купкаватай травой ды хударлявым хмызьняком. Такія пяскі, сыпучыя пяскі, часта сустракаюцца на Палесьсі. Вецер перасыпае іх, і яны пасуваюцца ў пэўным кірунку, робячы часам не малую шкоду. Мы потым бачылі, як на адным хутары гэтыя дзюны схавалі пад сабой цэлы вялікі гарод, абярнуўшы яго ў голую бясплодную пустэчу.
Пяскі абрываюцца і перад намі адкрываецца шэрая шурпатая роўнядзь балота. Мы едзем усьцяж па рацэ Арасе і ўсьцяж па гэтай рацэ цягнецца бязьмежны ланцуг балотных абшараў, перамежаваных лясамі і пясковымі выспамі. Пачынаецца Палесьсе.
Адразу-ж на нашым шляху сустракаецца старая напоўзацягнутая канава. Тав. Гнеўка тлумачыць нам, што гэта адзін з вядомых «каналаў Жылінскага». Некалі генэрал Жылінскі па загаду царскага ўраду праводзіў у Палесьсі шырокую «мэліорацыю». Ён накапаў шмат каналаў і па гэтых каналах паны-драпежнікі зганялі ў чужыя краіны беларускі лес. Гэтыя каналы не асушылі беларускага Палесься — яны не для гэтага будаваліся —