затое яны зьнішчылі нязьмерныя абшары адвечнага беларускага лесу.
Чым далей на поўдзень, тым больш і больш набывае вакольны ляндшафт спэцыфічных рысаў Палесься. Грунт робіцца ўсё ніжэй і ніжэй. Ад ст. Урэчча ў кірунку на поўдзень, у глыб Палесься, грунт спускаецца на 26 сажняў. На 26 сажняў!..
Пашлі лясы. Гэта ўжо зусім палескія лясы. Дуб і граб займаюць тут адно з першых месц — сям-там лес складаецца выключна з аднаго дубу. У нас, на маёй радзіме, няма гэткіх лясоў, і таму я чую тут нешта новае, экзотычнае. Я прагна ўглядаюся ў ціхую таемную глыбіню гэтага лесу, і адчуваю максымум тае прыемнасьці, якую можна адчуваць, трасучыся па рабрыстых палескіх грэблях.
Ох, гэтыя жорсткія, бязьлітасныя грэблі! Яны мне даліся ў знакі. Яны, я ведаю, бралі стаўку на тое, каб усё-ткі ня выпусьціць мяне жывога з Палесься. Але я перамог, я ня здаўся! Сціснуўшы зубы і сударгава ўцупіўшыся ў драбіны воза, я на жыцьцё і сьмерць змагаўся з імі — і я перамог! У мяне толькі адар-