ляжыць на правым беразе Арасы, завецца Мар’я.
Нам растлумачылі, адкуль узялася гэтая назва. Даўней балота гэта належала нейкаму багатаму пану, а ў гэтага пана была дачка Мар’я. У гонар свае дачкі пан празваў усю гэту мясцовасьць — Мар’іна.
Вось нядаўны, зусім нядаўны, учорашні малюнак Мар’іна:
Вясной, калі красуня-Араса, лёгка і плаўна высьлізнуўшы з нізкіх сваіх берагоў, разьбягаецца па бязьмежнаму раздольлю палескіх нізін — Мар’іна цалком хаваецца пад вадой. Возера ў 8.000 гектараў, роўнае неабсяжнае возера, на якім сям-там узьнімаюцца кудлатыя груды залесеных выспаў, на якім сям-там тырчаць панурыя шкілеты адзінотных недалужных дрэў, — вось што робіцца з Мар’іна ў вясновыя паводкі. Вада — адзіны ўладар тады гэтых прастораў, вада ў гульлівай давольнасьці спраўляе тады шырокае сьвята свайго панаваньня.
Вада і неба, — як у легендарным біблейскім хаосе…