На лета вада сходзіць, астаецца грузкае непраходнае балота. Улетку па пояс у брудзе калупаюцца тут сяляне, выкошваючы пруткую драцяную асаку. Вывезьці сена з балота няможна — яго складаюць у стагі і пакідаюць тут на зіму, каб потым прывезьці па саннай дарозе.
Наогул, толькі ўзімку, толькі тады, як мароз скамяніць гэту мокрую грузкую роўнядзь, як сьнег засьцеле яе густым пуховым пластом, толькі тады робіцца Мар’іна даступным для коннай сувязі. Улетку, каб пераехаць з поўначы на поўдзень праз гэта балота, трэба рабіць аб’езд у 35–40 вёрст.
Дзе-ні-дзе на балоце, на ўскрайнах балота, жывуць сяляне. Яны выбіраюць выгодную сухую выспу, насьпех, дзеля-гадзіся раскарчоўваюць патрэбную плошчу зямлі, сяк-так ускалупваюць яе і засяваюць. Тут-жа будуецца мізэрная ўбогая хатка з яшчэ больш убогімі гаспадарчымі будынкамі.
Так на выспах, сярод дзікіх прастораў балота і лесу жывуць гэтыя самотныя пасяленцы. Іншыя з іх толькі ўзімку выяжджаюць, каб зрабіць у бліжэйшым мястэчку свае гада-