сярод глухога балота. Яшчэ цягнецца некаторы час убогі хмызьняк — з калекамі-бярозкамі, з лазой, з алешнікам, потым усё гэта зьнікае, і мы бачым перад сабой шырокі разгонны прастор.
І балоты маюць свой прастор…
Мне першы раз давялося ўбачыць такую шырокую, такую бязьмежную плошчу балота. Яно разаслалася перад намі роўнай, як паверхня вады, пяленкай — шурпатае, купкаватае, зрытае, як паверхня вады пад непакойным ветрам. Яно разаслалася ў далеч, аж пакуль вокам хапіць, і здаецца, што пашло яно так без канца-краю, што разгарнулася яно ў цэлы сьвет — дзікі і магутны — у дзікую неабсяжную пустыню.
І — дзіва дзіўнае! — пачуў я ў гэтых балотных абшарах, у гэтым панурым бясплодзьдзі магутную фатальную сілу Беларусі, сілу, якая вырасьце некалі з гэтай бруднай твані, з гэтай багны, якая парве некалі путы трагічнага свайго акамяненьня і паўстане перад вачмі асалапелага сьвету ў грознай сваёй непарушнасьці.