Перад намі ляжала Новая Зямля. Перад намі ляжала 8.000 гектараў зямлі, за якую людзі, сотні людзей, тысячы людзей, уся грамада, уся маладая задорная БССР вядзе зацятую барацьбу з стыхіяй, з якой людзі хочуць вырваць і вырвуць, вядома, усе захаваныя ў ёй сокі жыцьця, усю тую дзікую фатальную сілу.
Якая жорсткая, якая магутная карціна!
Так, і балоты маюць свой шырокі вольны прастор…
Дарога, пажар, каналы і віка з аўсом.
Мы едзем па шырокай і роўнай, як страла, дарозе, засыпанай гладкім пластом жарствы і аблямаванай з абодвых бакоў глыбокімі чыстымі канавамі. Гэта — тая дарога, якую паклалі на зыбучую паверхню балота спрытныя людзі, каб дабрацца па ёй да самага сэрца свайго ўпартага ворага, каб ударыць яго ў самае жывое, балючае месца.
Тав. Гнеўка, начальнік колёнізацыйнага фонду, галоўны кіраўнік усяе тутэйшае завірухі, апавядае нам, як рабілася гэта дарога. На яго шырокім мяккабародым твары