сьвіціцца стрымленая давольнасьць, ён з асаблівым замілаваньнем глядзіць на дарогу, ён глядзіць на яе, як шчыры майстар на продукт свае доўгае стараннае працы. Мне здаецца, што ён гатоў зьлезьці з воза і пагладзіць яе, гэтую роўную, гладкую істужку, гэтую першую заваёву ў бязьлітаснай барацьбе з прыродай.
— З дарогі мы пачынаем. Немцы таксама робяць — гэта найлепшы спосаб. Перш-наперш — заваяваць прасьцяг, зрабіць базу для працы, а тады ўжо й далей… Трудная гэта штука. Перш мы кладзем у даўжыню пласт бярвеньня, потым упоперак засьцілаем яго фашынамі, зароўніваем зямлёй, якую выкідаем з бакавых канаў, і, нарэшце, насыпаем пласт пяску…
Далей мы даведваемся, што гэта дарога перасякае з поўначы на поўдзень увесь Марінскі масыў, што яна мае ў даўжыню адзінаццаць вёрст, і што яна замяняе сабою тую саракавярстовую даль, якую трэба было раней абкружыць, каб пераехаць гэту адлегласьць.
Нас сустракае на дарозе купка сялян — адзін з іх крычыць у наш бок: