— Дзядзька Гнеўка! Гарыць! Пракосы, стагі пагарэлі!..
Я цяпер толькі зварочваю ўвагу на тое, што ў паветры чуваць востры пах смылі. Углядаюся ў далеч і бачу, што ўвесь кругавід зацягнуты пялёнкай дымовай смагі.
Гэта гарыць балота. Адразу дзікім, недарэчным здаецца мне гэта: балота гарыць! Я з задзіўленьнем прыслухваюся да гутаркі Гнеўкі з сялянамі. Ён пытаецца, ці даўно гарыць, ці шырока занялося, ці многа пагарэла сена. На апошняе пытаньне сяляне адказваюць з асаблівай жывасьцю і з відочным перавялічэньнем. Гнеўка канчае гутарку:
— Падайце заяву ў камісію — там разьбяруць і заплоцяць.
І потым, адехаўшы, сярдзіта бурчыць:
— Чыстая бяда. Прыходзіцца плаціць, а ім гэта выгодна. Самі наўмысьля падпальваюць, а потым прыходзяць, скардзяцца. Патрабуюць, вядома, куды больш, чымся сапраўды страцілі…
Я пытаюся, ці шкодзяць гэтыя пажары балоту, ці псуюць яны ўжо асушаную тарпяную глебу.