— О, не! Наадварот. Калі згарыць верхні махавы пласт, гэта значна палягчае першапачатковую апрацоўку глебы… Мы-б наўмысьля рабілі гэтыя балотныя пажары, але вось сялянскія стагі стаяць пакуль што…
— А занадта глыбока не выгарае глеба?
— Не, глыбока ня йдзе… Ды мы гэтага і не баімся. У нас ёсьць спосаб ад гэтага: мы заставім шлюзы і зробім штучнае завадненьне да патрэбнае нам вышыні…
А вось і каналы, вось тыя вены, па якіх сьцякае брудная, непатрэбная балотная кроў. Роўныя, простыя, з чыстымі, быццам адшліхаванымі сьценамі берагоў, яны шырокай сеткай пакрылі плошчу балота, падзялілі яе на правільныя геомэтрычныя фігуры. Іхная чорная сьвежасьць, іхная бліскучая чыстата ўлілі ў дзікі балотны пэйзаж новае хараство, хараство парадку, сымэтрыі. Халодную нудную шэрасьць махоў яны сагрэлі гарачым павевам чараўніцы-культуры.
Мы пад’ехалі да галоўнае магістралі, да шырокага каналу, які цягнецца на 20 вёрст з захаду на ўсход, пераразае ўвесь балотны масыў і, сабраўшы з усіх маленькіх вен ня-