ціхасьць перадвячэр’я. Паветра было насычана асаблівай пяшчотай і ласкай — прыемна, радасна было набіраць поўныя грудзі гэтага паветра, набіраць разам з ім поўныя грудзі нейкага празрыстага, ціхага і трошачку сумнага пачуцьця.
У такія вечары ў чалавека глыбока адкрываецца сэрца для пераліўна-сьвежых перажываньняў, у такія вечары добра ўспамінаць і лятуцець.
Мы перайшлі барок і вышлі на шэрую, засланую змрокам, лагчыну, перарэзаную шырокай канавай. Праз канаву перакінуты хісткі — з бярвеньня — масток; мы спыніліся на гэтым масту, каб паслухаць вячэрнюю цішыню Палесься.
У канаве плесканулася нейкая рыбка, недзе далёка, у бары, пакрыўджана і злосна кігікнула сава — і зноў усё ціха. А цішыня ў Палесьсі зусім асаблівая, такая цішыня, што пад яе глуха-навіслай сховай адчуваеш сябе далёкім ад усяго сьвету, ад усіх людзей, ад усёй сумятні бурлівага жыцьця.
Глыбокі спакой і глыбокае адчуваньне свайго асабістага жыцьця, сваёй асабістай