Ужо зусім сьцямнела, а мы ўсё яшчэ стаялі на хісткім — з бярвеньня — мастку, абгорнутыя глухой цішынёй дзікага Палесься, і гаварылі. Пачуліся важкія цьвёрдыя крокі, і з цемры выплыла грузная фігура Прышчэпава.
— Нічога няма. Нават ня ўбачыў нікога. Мусіць, позна прышлі.
Ён далучаецца да нас, да нашае гутаркі. І мы ідзем назад, у пасёлак. Там нас чакае новая цікавая карціна. Увесь пасёлак, у якім зымяшчаецца кіраўніцтва колфонду і жыве частка рабочых, пабудованы сярод сасновага лесу. Дрэвы шчытным колам абступілі будынкі, быццам стараюцца сьціснуць іх, затуліць, схаваць зусім у дружнай сваёй грамадзе. Цяпер, увечары, тут, высока, сярод дрэў, запалілі ліхтар, і ён абліў усю ваколіцу нейкім бледным фантастычным сьвятлом. У гэтым сьвятле паміж дрэў і будынкаў жвава мітусіліся, перабягалі людзі (пасёлак жыў поўным жыцьцём), і людзі здаваліся фантастычнымі стварэньнямі, жыхарамі нейкага зачарованага ляснога царства.