на фашыны — чорнай і вязкай зямлі. Праз гоняў двое мы ўбачылі тое, што дало нам яскравае, непазбыўнае ўяўленьне аб тым, як, з якой непамернай цяжкасьцю, робіцца хараство людзкой будучыні людзкога шчасьця.
Гэта была сьвежа-разьвернутая рана зямлі. Яе берагі — аголенае, парванае земляное мяса — былі жудасна-чорныя, мокрыя, і з іх сачылася бруднымі пацёкамі густая земляная кроў. На дне раны кроў зьбіралася ў лужыны, і ў гэтых лужынах, у гэтай бруднай сьцюдзёнай крыві целяпаліся людзі, раскалупваючы рану зямлі, паглыбляючы яе. Каб дастаць дно, яны вылівалі на бераг густую чорную жыжку — вылівалі вёдрамі, тазамі, спэцыяльна зробленымі драўлянымі чарпакамі, і жыжка расплывалася па берагох страшнымі брыдкімі плямамі. Па пояс у брудзе — у золкім восенскім брудзе — вось як працавалі гэтыя ўпартыя будаўнікі людзкога шчасьця.
А потым замест раны працягнецца зграбны канал, які будзе цешыць вока бліскучай сваёй чыстатой і прыгожасьцю.