Я ўжо памінаў пра тое, што на гэтай цяжкой эгіпэцкай працы занята блізка 1.500 чалавек. У большай частцы гэта вакольныя сяляне, якія, карыстаючыся перапынкамі ў гаспадарскай працы, ідуць сюды, каб зарабіць пару дзесяткаў рублёў. Тут размах працы неабмежаваны, тут прымаюць усіх, хто толькі прыдзе, хто толькі згодзен узяцца за гэту пякельную працу.
Але ёсьць яшчэ грабары-профэсіяналы. Гэта цікавы сваеасаблівы народ, які праводзіць на гэтай працы амаль-што ўсё сваё жыцьцё, які мае свае звычаі, традыцыі. Большасьць такіх грабароў-профэсіяналаў — украінцы. Нават ёсьць такая спэцыяльная мясьціна, якая пасылае ўва ўсе канцы Саюзу цэлыя тысячы валацуг-грабароў — гэта Чарнобыльскі раён на Чарнігаўшчыне.
Як толькі вясновае сонца разагрэе, распусьціць троху зімовую сьнегавую пялёнку, як толькі пакажацца з-пад яе набраклая цёплым сокам зямля, грабар разьвітваецца з сваёй сям’ёй, дае апошнія запэўненьні мясцоваму крэдытору, за чый кошт прыходзілася п’янстваваць у працягу ўсёй нуднай