нёнай хэўрай. У іх ёсьць свой выбарны правадыр, якога ўсе яны слухаюць з поўнай пакорай; яны адзін аднаго падтрымліваюць усюды, дзе трэба і дзе ня трэба; яны не па адным, а колектыўна здабываюць сабе гарэлку (яна тут, на колфондзе, не прадаецца), колектыўна яе расьпіваюць і колектыўна запэўняюць начальства, што яны, апрача чаю, абсолютна нічога ня пілі. Трудна сказаць, што больш кіруе імі ў іхным жыцьці: ці здаровы інстынкт колектывізму, ці вузкая і хворая цэхаўская адмежаванасьць.
Мінуўшы канал, мы пашлі зноў па мяккіх ліпучых камлыгах няскончанай дарогі. З гоні наперад паказаліся квяцістыя рознакалёрныя плямы, якія мерна шаваліліся абапал дарогі. Мы падышлі бліжэй і ўбачылі, што гэта жанчыны, сотні дзьве ці больш жанчын, якія працуюць на дарозе. Работа іхная складалася з таго, што яны рыдлёўкамі перакідалі зямлю з краёў на сярэдзіну дарогі, робячы па краёх няшырокія роўныя пляцоўкі, нешта падобнае да нізкіх панэляў. Гэта работа больш лёгкая — тут ня трэба лезьці ў бруд, дубець у золкім сьцюдзёным макроцьці.