Жанчыны сустрэлі нас вострымі цікавымі поглядамі — вясёлымі поглядамі, якія мімаволі выклікаюць на гутарку. Мы распытвалі іх пра работу, наогул пра жыцьцё — яны ахвотна апавядалі. Некаторыя скардзіліся, што даюць вялікія заданьні. Тав. Гнеўка загадаў праверыць, і аказалася, што заданьні меншыя, чымся належыць. Тады ўсе дружна сьмяяліся. Адыходзячы, тав. Гнеўка строга наказваў дзесятніку:
— Глядзі, каб мне дзяўчат ня крыўдзіў.
Стары дзесятнік весела і дабрадушна падміргваў.
Я пацікавіўся, адкуль гэтыя дзяўчаты, і мне растлумачылі, што гэта беспрацоўныя з Слуцку. Потым, троху пазьней, я даведаўся яшчэ й пра тое, што гэтыя жанчыны ўносяць у жыцьцё колфонду многа жывых, яскравых, а часам і досыць пікантных момантаў. Дзенная праца абсолютна не ахалоджвае іхнага дзявочага запалу: вечарамі яны зьбіраюцца недзе на мосьце і ў гульлівых скоках, у сьпевах шчодра раскідаюць рэшткі сваёй багатай энэргіі.