шчырай наіўнасьці сам расказаў яму пра гэту няпрыемную асаблівасьць свайго характару.
Раньне паказала нам шэрую хмурую восень за вакном і ня менш хмуры твар інжынэра Гнеўкі. Аднак, ён запрапанаваў нам пайсьці паглядзець, як у прысутнасьці толькі-што прыехаўшага спэцыяльнага інструктара будуць спрабаваць на балоце трактар «Красный Путиловец».
На балоце, пасьля такога дажджу, пасьля такой патопы!..
Але я ня даў нават віду, што гэта мяне турбуе, і згадзіўся з вялікай ахвотай, з захапленнем.
Мяне зноў ашукала балота. Я зноў спосабам бусла дзыбаў з купіны на купіну, баючыся абшаснуцца ў грузкую твань, і зноў аказалася, што навокал абсолютна суха. Гэты злосны палескі дождж не пакінуў ніякага сьледу на асушаным балоце! Толькі каналы паўней набраліся бруднай вады.
Трактар пыхкаў страшэнна заўзята і працавіта. З рашучай пасьпешнасьцю пусьціўся ён па няроўнаму купкаватаму полю, але зараз-жа спыніўся. У плугох застрала дзярніна.