надзвычайна прыгожы бывае канал, аблямаваны гэтымі суцэльнымі сьвежа-зялёнымі стужкамі!
Тав. Гнеўка з поўным правам ганарыцца гэтай прыгожай і надзвычайна практычнай аздобай. Гэта — яго ўласная вынаходка, яго «сакрэт». Сапраўды, шмат дзе спрабавалі таксама рабіць, і нічога ня выходзіла: лаза не прарастала. Т. Гнеўка з гэтай прычыны дабрадушна жартуе:
— Слова такое ёсьць у мяне… замова спэцыяльная…
Мы доўга хадзілі па бязьмежнаму пераплёту каналаў, любаваліся іхным строгім парадкам і чыстатой. Мы адпачывалі на высокіх і мяккіх тарпяных наспах, азіралі адтуль вакольную мясцовасьць.
Ува ўсе бакі, куды ні зірнеш, расьцілаліся шырокія адкрытыя прасторы нядаўнага балота, перацягнутыя чорнымі жыламі каналаў. На некаторых з іх працавітымі мурашкамі калупаліся людзі, угару падляталі вялікія камлыгі торпу — гэтыя камлыгі здаваліся чорнымі груганамі.