Там яе чакалі два ці тры ня менш худыя падсьвінкі.
У хаце было цёмна і сыра. Пахла ўсім тым, чым толькі можа пахнуць у супольным жыльлі людзей і жывёлы. На земляной падлозе стаяла нейкая падазроная лужына. Недзе на палу, сярод каравага шмоцьця, капашыліся мурзатыя дзеці, хлопец гадоў у трынаццаць, седзячы на нізенькай калодцы, плёў лапаць, а ў парозе поркалася дзяўчына — невядома, ці зусім маладая, ці зусім старая: тут старэюць не ад гадоў, а ад бядоты.
Халодная жудасьць ахапіла мяне, як нырнуў я ў гэтае чорнае логава. Мне здалося, што я пераступіў парог некалькіх стагодзьдзяў і апынуўся ў царстве старажытнага дзікунства. І мімаволі ў нутры ў мяне шавальнуўся цень трывожнага сумненьня. Ці можна пагадзіць, злучыць у адно той магутны творчы размах, тое шырокае будаўніцтва новага шчасьця з гэтым адвечным жудасным брудам і цемраю?
Тут большасьць сялян яшчэ ня ўжываюць газы, тут большасьць хат — з «грамафонамі». Так іронічна завуць чужынцы мясцовыя лучнікі. Яны сапраўды дужа падобны на трубы