лірызму, столькі бяскрайнага суму, надрыўнасьці і нейкай балючай сэрдэчнасьці, што мімаволі здавалася, быццам не галасы гэта хлопцаў і дзяўчат, а дзівосныя стогны-песьні дзікага Палесься.
Мяне зачаравалі гэтыя галасы, я ў салодкім забыцьці слухаў іх і ўбіраў разам з імі ў нутро цягучыя шчымлівыя хвалі адвечнасьці. З задуменьня вывеў мяне голас Прышчэпава:
— Паглядзі! Вунь нехта месяц запаліў над дрэвамі!
Я азірнуўся. Мы праяжджалі праз невялічкую лагчынку. Навокал панурай грамадой стаяў чорны лес — ён працягваў да нас ні то з пагрозай, ні то з роспаччу свае худыя нярухомыя лапы. У нагах у яго карабаціліся крывыя постаці валасатых карчоў і скрозь іх блішчэлі халодна-срэбныя плямы вады.
Блішчэў месяц на небе, блішчэла вада, бязгучна шапталі аб нечым чорныя панурыя дрэвы…
Эх, ды ці варта пісаць! Усёроўна не апішаш усяго хараства гэтага таемнага чароўнага Палесься…