На люстраным улоньні.
Я буду пісаць цяпер пра раку Арасу, якую я ўяўляў спачатку троху большай за нашу менскую Сьвіслач і якая потым глыбока зьдзівіла і ўсьцешыла мяне сваёй надзвычайнай веліччу і хараством.
Калі вы бачылі ў Магілеве Дняпро або нават у Віцебску Заходнюю Дзьвіну, вы па іх можаце ўявіць сабе шырыню Арасы. Так, гэта шырокая раздольная рэчка, павольная ў сваім руху, зграбная і грацыёзная, як казачная прынцэса. У ёй ёсьць адна толькі загана: яна мае няроўную глыбіню. Па ёй многа сустракаецца перамелаў, многа ёсьць такіх месц, дзе можна перайсьці яе ўсю, закасаўшы ногі. Яна абсолютна несудаходная.
Гэта — пакуль-што, бо якая будзе Араса праз некалькі год, цяпер нават трудна ўявіць.
Цёплым сонечным надвячоркам прыехалі мы на Арасу. На беразе нас чакалі дзьве лодкі — вузкія, даўгія, востраносыя — чыста індзейскія пірогі. Яны былі поўна набіты саломай — у іх цяжка было толькі ўлезьці, а ехаць было зусім добра. Нават праваднічыя