нашы казалі, што ў іх можна далёка заехаць і ня вывернуцца. Хто іх ведае, можа яны і праўду казалі…
Мы ехалі страляць дзікіх качак. Гэта было досыць кур’ёзнае паляваньне, бо на ўсіх нас была адна толькі стрэльба. Па праву старэйшага паляўнічага ёй заўладаў Зьмітро Халімонавіч, і я ў думках быў шчыра ўдзячны яму: вялікі клопат ехаць са стрэльбай, асабліва калі яна з набоямі. Апрача таго, як потым выявілася, адна стрэльба бяз іншага аружжа (вёслы, палкі і інш.) зусім няпэўная штука ў паляваньні на качак.
«Пірогі» ішлі з мяккай бязгучнай шпаркасьцю. Перадвячэрняе сонца аскрава серабрыла паверхню ракі — «пірогі» з маўклівай бязуважнасьцю рэзалі гэта пышнае серабро, і на іхных разьбежна-дрыготных сьлядох серабро мітусілася ў дзікіх адчайных скоках.
Ня гледзячы на тое, што было зусім ня горача, ў паветры стаяла густая нейкая млосьць — яна троху цяжарыла, наганяла ціхі спакой і лятуценнасьць. Я вальготна ўзьлёгся на груд сьвежай саломы і цалком аддаўся