спакойнаму назіраньню вакольнага хараства. Мая фантазія пачала вырабляць свае дзівосныя мудрагельствы — мне здавалася, што я перанёсься ў нейкую чароўную экзотычную краіну, у нейкае казачнае дзікунскае царства. Карціны прыроды, якая нас абкружала, дзіўна спрыялі гэтаму ўяўленьню. Нізкія, ледзь узьнятыя над вадой берагі Арасы былі пакрыты густымі зарасьлямі чароту і лазьняку — яны былі для мяне непраходнымі джунглямі, поўнымі розных драпежных зьвяроў, а высокія стагі сена, сям-там раскіданыя па берагох, здаваліся мне таемнымі вігвамамі дзікіх індзейцаў. Я наўмысьля ўзмацняў у сабе гэтае вострае адчуваньне, і я дасягаў таго, што сярод зарасьляў лазьняку паказваўся мне чырвоны твар індзейца, а з-за высокіх сьцяблоў чароту тырчэлі пруткія, нацягнутыя на цяціву, стрэлы.
… На Арасе я першы раз у поўнай меры пачуў моцны, напружаны шопат чароту. Пад ціхім, амаль-што зусім няпрыметным подыхам ветрыку ён пачынаў хістацца з асаблівай нейкай падатнасьцю, быццам — абясьсілены,