рам вісіць спадчына векавога прыгнёту, якой, так трудна ісьці да сьветлае будучыні.
Я ўспамінаў нашага Чарота, нашага любага слаўнага Міхася, і думаў: які ён шчасьлівы, што сваю звонкую буяную творчасьць здолеў зьвязаць адзіным магутным, поўным нацыянальнае самабытнасьці, вобразам шумлівага чароту!
Нас засьпеў на вадзе шэры вячэрні змрок. Мы разлучыліся. Лодка, на якой быў Зьмітро Халімонавіч Прышчэпаў, асталася адзаду — адтуль яшчэ чуваць былі глухія стрэлы — мы сваю быстраходную «пірогу» пусьцілі нацянькі, праз новае рэчышча, якое зрабіла сабе Араса з невялічкае, выкапанае рыбакамі, канавы.
Лодка ішла ціха-ціха, толькі мэлёдычна хліпалі, сьцякаючы з вёслаў, кроплі вады, ды пад носам ціхамірна курлыкала нявідная хваля. Чарот і той сьціх — спаў ужо мусіць, змораны дзенным сваім мятушэньнем.
Узышоў на небе сьвежы чысьценькі месяц, рассыпаў па вадзе яснае халоднае серабро.
Далёка-далёка засьпявалі дзяўчаты. Потым мы пад’яжджалі бліжэй і галасы іх мацнелі,