хобат, які таксама быў рухавы — ён мог падымацца высока ўгару і спускацца ўніз, да самай вады. А на канцы хобату вісеў чорны бяздонны чарпак, ад краёў якога адыходзілі ўніз два рады сталёвых зубоў. Гэтыя зубы маглі сашчапляцца, і тады яны замыкалі ніжні прахон чарпака, а ў разгорнутым стане яны рабілі ўражаньне шырока разьзяўленай ляпы зубастага зьвера.
Мы з прагнай цікавасьцю дзіваваліся з работы гэтага магутнага жалезнага зьвера. Ён паволі, быццам адчуваючы сваю бязьмерную сілу, паварочваўся на сярэдзіну рэчкі, хобат яго апускаўся ўніз, і чорны чарпак, разьзявіўшы зубастую ляпу, кідаўся ў ваду і з злосным гурчэньнем угрызаўся ў рачное дно, набіраючы поўны рот глею, пяску, падводных карчоў — усяго таго, што трапляла яму пад зубы. Потым хобат узьнімаўся ўгару, чарпак з шумам выныраў з-пад вады — зубы яго былі туга сашчэраны і спаміж іх цякла брудная густая сьліна. Потым зьвер паварочваўся назад, і чарпак, апынуўшыся над берагам, шырока разьзяўляў сваю ляпу і выхаркваў усё тое, што набраў там, на дне ракі.