лініі. Калі я еду на ім, мне заўсёды здаецца, што я еду на добрай старой шаўлюжцы, і мне страшэнна хочацца саскочыць нахаду і прабегчы трушком, трымаючыся аднэй рукой за яе сівую аблезлую грыву. Як я першы раз садзіўся на гэты поезд, дык страшэнна сьпяшаўся, баючыся, каб не астацца. Адзін спрактыкаваны грамадзянін тады ахаладзіў быў мяне пагардліва-горкай заўвагай:
— Ня турбуйцеся! Пакуль ня мінуў сэмафор — заўсёды дагоніце…
Ціхае, мяккае восенскае раньне. Старое ласкавае сонца, павучыньне, пажоўклае поле (яшчэ дзе-ні-дзе непажаты авёс), яснасьць, празрыстасьць наўкола. На мізэрных станцыях прадаюць з вазоў дулі і, хоць іх страшна ўкусіць, але мне ўсёроўна здаецца, што гэта славутыя слуцкія бэры. На станцыях публіка вылазіць з вагонаў, купляе дулі, шлындае па пэрону, заходзіць нават у станцыйны лясок (старая шаўлюжка не ўцячэ!); чуваць млявая яшчэ санлівая гутарка. Мы таксама ходзім, адгадваем у аспалых жаночых тварах слуцкіх красунь, расчароўваемся.
Ціша і спакой…